СЛО́НІМСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА Дзейнічала ў 2-й пал. 18 ст. ў г. Слонім Гродзенскай вобл. пры Слонімскім тэатры Агінскага. З 1777 існаваў невял. балетны ансамбль

(8 чал.),

падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 пад яго кіраўніцтвам укамплектавана школа (у 1785—18 вучняў, пасля 1790 больш). Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней — прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і некат. агульную адукацыю. Росквіт школы і падрыхтаванай ёю трупы звязаны з дзейнасцю балетмайстра і кампазітара Ф.​Марыні (каля 1781—88) і польскага характарнага танцоўшчыка, саліста, балетмайстра і педагога слонімскага балета Ф.​Шлянцоўскага (прыехаў паміж 1785—88, працаваў да 1792). У 1788 4 выхаванцы выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі», у сезон 1790—91 група (прыблізна 20 чал.) паказала 4 спектаклі на гастролях у г. Дубна (цяпер Украіна). Слонімскі балет паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. З 1792 школа і балетная трупа пераведзены ў мяст. Целяханы (цяпер Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), дакладная дата іх роспуску невядома.

А.​А.​Саламаха.

т. 15, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)